Залаты век беларускіх кінатэатраў.

1911-1914
Віцебск, частка II

Старыя кіначасопісы пакінулі нам багатыя апісанні віцебскіх тэатраў, таму мы пра гэты расказваем. Апісанні настолькі разгорнутыя, што давялося разбіць іх на тры асобныя артыкулы.

Працягваем з таго месца, дзе спыніліся ў першым матэрыяле. У студзені 1913 года адкрыліся два новыя тэатры. Элкін адкрыў «Ілюзіён», а спадары Чыжоўкін і Бараноўскі — «Рэкорд». Карэспандэнт «Кінэ-Часопіса» з захапленнем пісаў пра абодва:

«”Ілюзіён” размешчаны ў самым цэнтры горада. Па абодва бакі ўваходных дзвярэй, ля якіх стаіць швейцар у ліўрэі, у вокнах наклеены прыгожа надрукаваныя рэпертуарныя афішы. Увечары гэты ўваход ззяе дзясяткамі электрычных лямпаў.

Шырокая і не стромкая лесвіца вядзе на другі паверх мураванага дома, дзе месціцца сам тэатр і дзвае прасторныя залы, што ўтвараюць фае. Фае багата і са смакам абстаўлена: у адной зале на сценах вісяць копіі добрых карцін, напісаныя алеем і змешчаныя ў прыгожыя пазалочаныя рамы; у другой — сцены абабітыя элегантнымі габеленамі з вытанчаным арнаментам, над імі — невялікія выпуклыя скульптурныя выявы на фоне чорнага аксаміту; на карнізах расстаўлены статуэткі. У адной зале для публікі стаяць зручныя мяккія крэслы, у другой — уздоўж сцен, абабітых чырвоным плюшам, — лаўкі з такой жа плюшавай абіўкай.

Падлога пакрыта лінолеумам з узорам пад паркет. З фае тры дзверы вядуць у залу, на месцы I, II і III катэгорыі — усяго без цеснаты змяшчаецца 350 чалавек. Падчас сеансаў грае піяніст і яшчэ чацвёра музыкаў. Экран — значных памераў.

Паказы праходзяць ва ўзорным парадку. У зале пануе цішыня; уся публіка з засяроджанай увагай сочыць за тым, што адбываецца на экране, не парушаючы аніякіх нормаў прыстойнасці. Аднак часам здараюцца непрыемныя выпадкі. Некаторыя маладыя людзі, адседзеўшы ўвесь сеанс, застаюцца і на наступны — пакуль супрацоўнікі не правераць білеты і не папросяць гэтых аматараў бясплатных відовішчаў пакінуць залу. Грубы эгаізм і абыякавасць да правоў іншых праяўляюцца і ў кінатэатры. Сярод наведвальнікаў сустракаюцца такія асобы — і мужчынскага, і жаночага полу — што спрабуюць падчас сеансу заняць адразу два месцы, не пакідаючы месца іншым.» 1

«Кінэ-Часопіс»

Віцебск, Бернардынскі, M. Шагал, 1917
Крыніца: https://commons.wikimedia.org/wiki/Main_Page

Затым той самы аўтар высока ацэньваў і новы «Рэкорд»:

«Кінатэатр “Рэкорд” знаходзіцца ў цэнтры люднага і заможнага раёна горада. Гэта самы малады і адначасова самы вялікі кінатэатр у Віцебску, які сапраўды пабіў рэкорд у канкурэнцыі і пакінуў астатнія электратэатры “за бортам”. Уладальнікі гэтага тэатра, спадары Чыжоўкін і Бараноўскі, не шкадавалі сродкаў на яго надзвычай элегантнае афармленне.

Тэатр размешчаны на другім паверсе вялікага мураванага дома і мае тры ўваходы: два з вуліцы (парадны і запасны) і адзін са двара. Вялікае фае ўпрыгожана велізарнымі туалетнымі столікамі ў раскошных пазалочаных рамах, вялікімі насценнымі люстэркамі, якаснымі карцінамі, бронзавымі бра, зручнай і стыльнай мяккай мэбляй. Лаўры, фікусы і філадэндраны ў вазонах, а таксама дробныя кветкі ў гаршках надаюць памяшканню жывасці і шарму.

Кошт уваходу: на месцы I катэгорыі — 50 капеек, II — 35 капеек, III — 20 капеек, купоны ў ложы — 75 капеек. Праекцыйная будка вельмі прасторная, яна аддзелена ад глядзельнай залы масіўнай сцяной у аршын таўшчынёй і мае асобны ўваход.

Падчас сеансаў грае аркестр з васьмі чалавек, і граюць яны лепш, чым аркестр мясцовага гарадскога тэатра».2

«Кінэ-Часопіс»

Віцебск, вуліца Замкавая, пачатак XX стагоддзя.
Крыніца: https://www.romanovempire.org/media/viciebsk-zamkavaja-zviestavannia-vicebsk-zamkavaya-zvestavannya-1901-18-3-d26a3d


1 «Кінэ-Часопіс», 23 лютага, 1913, Нумар 4, сс. 17-20.

2 Ibid.

Previous
Previous

Залаты век беларускіх кінатэатраў. Віцебск, частка I

Next
Next

Залаты век беларускіх кінатэатраў. Віцебск, частка III