Канец эпохі Штрэмера ў Беларусі
У першыя гады свайго існавання кінатэатры былі далёка не бяспечнымі месцамі. Лямпы, якія выкарыстоўваліся для асвятлення экрана, працавалі на лёгкаўзгаральнай хімічнай сумесі. Менавіта полымя давала тое святло, што праходзіла праз вялізную лінзу, потым праз маленькую адтуліну, праз плёнку, і ўжо пасля — на сцяну з экранам. Спачатку лямпа і праектар часта знаходзіліся ў той самай зале, што і гледачы. Не дзіва, што рэгулярна адбываліся буйныя пажары ў кінатэатрах.
Беларусы таксама ведалі пра небяспеку такіх лямпаў. Выданне «Сіне-Фона» паведамляла пра амаль што трагедыю ў Воршы.
«У краме ў доме Хемнлівіцкага, што на Пецярбуржскай вуліцы, уладальнік кінематографа Сімховіч разам са сваім памочнікам Дамброўскім здабывалі кісларод, неабходны для асвятлення экрана. Падчас гэтай працы выбухнула жалезная рэторта, і яе аскепкі паранілі Дамброўскаму правую нагу, а рассейванне берталетавай солі і марганцу пашкодзіла твар Сімховіча і нанесла шматлікія траўмы вачам.
Сіла выбуху была такой, што ў розных месцах крамы павыбівала шкло, абсыпалася тынкоўка на столі. Ад здарэння пацярпелі Дамброўскі, які знаходзіцца ў Аршанскай земскай бальніцы, і Сімховіч, які пасля аказання першай дапамогі быў накіраваны ў горад Смаленск на далейшае лячэнне.»1
Ворша, Пецярбуржская вуліца, пачатак XX стагоддзя.
Крыніца: https://smolbattle.ru/threads/Орша-путешествие-в-прошлое.51461
Мінск
У кастрычніку 1909 года ў Мінску загарэўся кінатэатр Штрэмера — і згарэў дашчэнту. Паводле розных звестак, абставіны пажару адрозніваюцца, але ўсе яны сходзяцца ў адным: страты былі вялізныя, і загінуў прынамсі адзін чалавек, а магчыма — двое. Гэтая трагедыя паклала канец дзейнасці Штрэмера ў Мінску — ён пакінуў горад.
Ніжэй — фрагмент з нумара «Нашай Нівы» ад 15 кастрычніка 1909 года, дзе згадваецца гэтая падзея.
«Наша Ніва» газета, 1909.
«7 кастрычніка на Губернатарскай вуліцы ўзарвалася бензінавая машына, у друкарні Каплана. Адсюль загарэлася квартэра, дзе быў электрабіёграф Штрэмера, а потым агонь пераскочыў і на другія будынкі. Пажар нарабіў многа шкоды. Паранена цяжка каля 15 людзей і забіта адна дзяўчына.»2
У гэты ж дзень «Сіне-Фона» надрукавала наступнае:
«У Мінску, у выніку выбуху бензіна на друкарні, што месцілася ў тым самым будынку, згарэў тэатр Штрэмера. На жаль, там знаходзілася і аптэка. Вялікая колькасць гаручых матэрыялаў зрабіла сваё — ужо праз некалькі хвілін пасля пачатку пажару ўвесь будынак быў ахоплены шалёным полымем. Ахвярамі агню сталі некалькі чалавек, сярод іх, дарэчы, і малая дачка тэатральнага механіка, спадара Савіча. Выказваем глыбокія спачуванні спадару Савічу ў сувязі з яго непапраўнай стратай.» 3
Cine-Phono Magazine
А вось «Кінема» 15 кастрычніка 1909 года падаваў зусім іншую версію падзей.
«У сінематографе Штрэмэра, у самым цэнтры горада, адбыўся выбух электрарухавіка. Аскепкі выбілі вітрыны крам, знішчылі суседнюю друкарню і паранілі васьмярых наборшчыкаў і шмат выпадковых мінакоў. Пажар хутка распаўсюдзіўся.
Пацярпелі найлепшыя крамы горада. Пры тушэнні агню былі паранены трое пажарных.
Агулам колькасць параненых дасягае 20 чалавек. Многія з іх атрымалі цяжкія раненні.
Першы выбух, як мяркуецца, адбыўся ў друкарні Каплана, дзе ўзарваўся бензінавы рухавік. Другі — у электратэатры Штрэмэра, верагодна, у выніку кароткага замыкання электраправодкі.
Ад моцнай ударнай хвалі на чатырох вуліцах ў лепшых крамах былі выбіты люстраныя вітрыны, а ў многіх кватэрах разбурана хатняя абстаноўка. На вуліцах пачалася паніка. Многіх з тых, хто знаходзіўся ў зале, выбухам літаральна збіла з ног.
Пасля выбухаў над велізарным домам Ракоўшчыка, дзе знаходзілася друкарня, узняўся слуп агню. Наборшчыкі друкарні Каплана апынуліся адрэзанымі агнём ад выхаду. Васьмёра атрымалі апёкі.
Сям’я механіка Савіча, што жыла на мезаніне, апынулася ўнутры тэатра Штрэмэра, ахопленага полымем. Гандляры і пакупнікі з суседніх крам таксама атрымалі раненні.
Калі пажарныя прыбылі на месца, абрынуліся дзве сцяны дома Ракоўшчыка. Траіх пажарных параніла абломкамі. Дачку гандляра рыбай Левітана засыпала ў сутарэннях. Агульная колькасць параненых пакуль не вядома, але, паводле розных ацэнак, дасягае 20 чалавек.
Магчыма, што пад заваламі яшчэ могуць быць людзі. Страты ад пажару велізарныя — пацярпелі шматлікія гандлёвыя ўстановы.
Тэатр Штрэмера згарэў дашчэнту. Дом Ракоўшчыка быў застрахаваны на 140 тысяч рублёў.
Падчас раскопак быў знойдзены абгарэлы труп сямнаццацігадовай дачкі гандляра рыбай Левітана. Як высветлілася, у пажары таксама загінула дзесяцімесячнае дзіця — дачка механіка Савіча. У яўрэйскім шпіталі знаходзяцца восем параненых, два з іх — у цяжкім стане. Акрамя згаданых пажарных, яшчэ пяць чалавек, што былі на двары або ў суседніх крамах, атрымалі раненні. Пажарныя ўсё яшчэ працуюць на месцы здарэння. Разбор завалаў працягваецца.
Па выніках паліцэйскага расследавання з’явілася новая версія выбуху — узгаранне бензіну на складзе аптэкі Левітана, размешчанай пад друкарняй Каплана. Сіла выбуху і страшная ўдарная хваля тлумачацца вялікай канцэнтрацыяй электраправодкі ў гэтым месцы.
Агульныя страты ацэньваюцца ў 800 000 рублёў. Пацярпелі наступныя страхавыя кампаніі: “Расійскае”, “Транспартнае”, “2-е Расійскае”, “Саламандра”.» 4
Мінск, Губернатарская вуліца, пачатак XX стагоддзя.
Крыніца: https://www.belarus.by/rel_image/330
У артыкуле Ўладзіміра Валожынскага на «Тут.бай» за 2013 год паведамлялася, што ў тэатры загарэліся пары бензіну, пасля чаго адбыўся выбух.5 Карацей кажучы, дакладна прычыну пажару мы не ведаем — вядомыя толькі вынікі.
1 «Сіне-Фона», 15 жніўня, 1909, Нумар 22, с. 13.
2 «Наша Ніва», 28 кастрычніка, 1909, Нумар 42, с. 12.
3 «Сіне-Фона», 15 кастрычнiка, 1909, Нумар 2, с. 7.
4 «Кінема», 15 кастрычніка, 1909, Нумар 16, сс. 11-12.
5 Воложинский, Владимир, «Где в Минске был первый кинотеатр и о чем были первые минские фильмы?» Tut.by, 17 апреля 2013 г. Валожынскі, Уладзімір, «Дзе ў Мінску быў першы кінатэатр і пра што былі першыя мінскія фільмы?», Tut.by, 17 красавіка, 2013 г.