Наступствы пажару ў тэатры Штрэмера
Выданне «Сіне-Фона» у нумары ад 15 кастрычніка 1909 года, ужо праз тыдзень пасля пажару, паведамляла, што нядаўна адкрыўся новы і значна лепшы кінатэатр — «Эдэн». І ён ужо ствараў фінансавыя цяжкасці для Штрэмэра: прыносіў страты або, як мінімум, істотна ўплываў на яго прыбыткі.1
Часопіс «Кінема» таксама адзначаў, што пасля пажару страхавыя кампаніі выплацілі значныя сумы. Гэта, безумоўна, наводзіць на пэўныя думкі адносна Штрэмера — маўляў, пажар мог быць інсцэніраваны дзеля страхавых кампенсацый. Хаця, гэта толькі здагадкі, і дакладных доказаў гэтаму, безумоўна, няма. Але варта ўспомніць той дзіўны эпізод з Пінску. Калі там закрыўся кінатэатр, у мясцовай прэсе пра Штрэмера таксама выказваліся з намёкам: «хваравіты пах, як кажуць у Мінску, Штрэмершчыны».2
Мінск, Захар’еўская вуліца, пачатак XX стагоддзя.
Крыніца: https://citydog.io/post/dvorec/
Штрэмер не аднавіў свой кінатэатр і не вярнуўся ў Мінск. У адным з рэпартажаў пра падзеі ў горадзе часопіс «Сіне-Фона» пісаў: «Кіраўнік віленскага аддзялення Штрэмера падаў хадайніцтва на дазвол адкрыць тэатр на тым самым месцы, дзе знаходзіўся тэатр Штрэмера да пажару.»3 У тым жа нумары паведамлялася, што: «Усіх уладальнікаў электратэатраў абавязалі мець пры сабе пажарныя брыгады і аплачваць іх утрыманне».4 У выніку, памяшканне былога кінатэатра заняў рэстаран.5
Да канца 1910 года, а магчыма — і раней, Штрэмер пакінуў і Гомель. Ягоны тэатр «Чыгуначны Ілюзіён» у выданнях таго часу згадваўся ўжо як «былы тэатр Штрэмера».6
Ужо праз год, у лістападзе 1911 года, імя Штрэмера згадвалася ў прафесійных выданнях толькі ў сувязі з наступствамі «катастрофы». Пасля трагедыі Мінская гарадская ўправа забараніла ўладальнікам кінатэатраў будаваць уласныя электрастанцыі. З таго часу кінатэатры мусілі карыстацца гарадскім электразабеспячэннем.7
У 1913 годзе віленскі тэатр Штрэмера ўсё яшчэ згадваўся як «тэатр Штрэмера», а не «былы».8 «Сіне-Фона» нават пераказваў артыкул, у якім прагназавалі, што Штрэмер яшчэ будзе працаваць у Растове-на-Доне на працягу бліжэйшых 10 гадоў.9 Але гэта — апошняе згадванне Штрэмера ў ранніх рускамоўных кінематаграфічных часопісах.
Праграма тэатра «Р. Штрэмер», Растоў, 1913.
Крыніца:https://www.rostovbereg.ru/publ/rostov_so_vsekh_storon/pervye_kinoseansy_i_pervyj_kinoteatr_r_shtremera_v_rostove_n_d/1-1-0-556
Варта адзначыць: у ранніх артыкулах згадвалася, што тэатр Штрэмера называўся «Ілюзіён». Артыкулы, прысвечаныя пажару, не называюць тэатр Штрэмера і не ўдакладняюць ягоны лёс. Аднак ужо ў 1910 годзе ў артыкулах кінажурналаў усё яшчэ (ці зноў) згадваецца мінскі тэатр пад назвай «Ілюзіён».10
1 «Сіне-Фона», 15 кастрычніка, 1909, Нумар 2, с. 13.
2 «Сіне-Фона», 1 кастрычніка, 1910, Нумар 1, сс. 14-15.
3 Ibid.
4 Ibid.
5 «Сіне-Фона», 1 лістапада, 1910, Нумар 3, сс. 18-19.
6 «Кінэ-Часопіс», 23 лістапада, 1911, Нумар 22, с. 12.
7 «Сіне-Фона», 1 лістапада, 1911, Нумар 3, с. 26.
8 «Сіне-Фона», 26 кастрычніка, 1913, Нумар 2, с. 71.
9 «Сіне-Фона», 9 лістапада, 1913, Нумар 3, с. 42.
10 «Сіне-Фона», 15 сакавіка, 1910, Нумар 12, с. 11.