Залаты век беларускіх кінатэатраў.
1911-1914
Брэст-Літоўск • Ворша
Брэст-Літоўск
У чэрвені 1911 года «Сіне-Фона» паведамляў, што ў Брэст-Літоўску дзейнічалі тры тэатры, але трэці, безназоўны, «дажываў апошнія дні свайго існавання».1 Кінатэатр «Фантазія» быў «такі маленькі», што летам у ім станавілася душна, і патрабавалася ўсталяванне электравентылятараў. Тэатр размяшчаўся на першым паверсе будынка, другі паверх якога займаў гатэль, які належаў Розэнблату — ён жа быў і ўладальнікам тэатра.2
У лістападзе 1911 года карэспандэнт «Сіне-Фона» абураўся, што ў горадзе застаўся толькі адзін кінатэатр. «Чым так саграшыў гэты горад?» — пытаўся ён.3 Для параўнання: у 1910 годзе «Кінэ-Часопіс» пісаў, што ў Брэсце працавалі чатыры тэатры — «Ілюзіён», «Фантазія», «Аазіс» і «Арыён».4 У студзені 1912 года «Сіне-Фона» адзначаў, што «Ілюзіён» быў закрыты.5
Брэст, пачатак XX стагоддзя.
Крыніца: www.meshok.ru, Public domain, via Wikimedia Commons, 1903
Праз паўтары гады, прыкладна ў сярэдзіне 1913 года, у Брэст-Літоўску працавалі два кінатэатры: «Фантазія» на Шасэйнай вуліцы і «Лотас» у Паштовым завулку. Карэспандэнт адзначаў, што праграма ў «Лотасе» была цікавейшая, але «Фантазія» мела лепшае месцазнаходжанне — у цэнтры горада. Акрамя таго, яна больш эфектыўна вяла рэкламу. Была надзея, што ў верасні адкрыецца трэці тэатр — «Эксэльсіёр», але гэтага не адбылося.6 Як мяркуецца, у Брэсце існавалі яшчэ тры кінатэатры, усе з якіх не выжылі: «Арыён», «Аазіс» і згаданы раней «Ілюзіён». А вось «Фантазія» вытрымала выпрабаванне часам — яна адкрылася яшчэ прыкладна ў 1907 годзе. 7
Брэст, вуліца Шасэйная, пачатак XX стагоддзя.
Крыніца: https://www.realbrest.by/novosti/realnyi-brest/imenuemyi-brestchanami-nevskim-prospektom.html
Ворша
У студзені 1913 года Злацін і Кічын набылі «Мадэрн» у Рымашэўскага і ператварылі яго ў кінатэатр.8 Пазней у 1913 годзе «Сіне-Фона» паведамляў, што «Ілюзіён» — адзіная забаўляльная ўстанова ў Воршы. У тым самым артыкуле адзначалася: «Тэатральную залу адрамантавалі, наладзілі электравентыляцыю, фае прывялі ў прыстойны выгляд: з мэбляй з чырвонага атласа і прыгожымі шпалерамі, каб тэатр пакідаў прыемнае ўражанне вечарам». Фільмы ў тэатры змяняліся тройчы на тыдзень.9
Гэтае фота датавана прыкладна 1910 годам, магчыма, тады будынак яшчэ выкарыстоўваўся выключна для тэатральных пастановак.
Тэатр «Мадэрн», Ворша, 1910
Крыніца: https://smolbattle.ru/threads/Орша-путешествие-в-прошлое.51461/
Акрамя таго, у пачатку 1913 года ўлады апублікавалі новыя правілы пажарнай бяспекі. Яны з’явіліся праз два гады пасля маштабнага пажару ў горадзе Балагое. Хаця, верагодна, нейкія іншыя нормы і абмежаванні існавалі і раней, але мы пакуль іх не выявілі.10
АБАВЯЗКОВАЕ ПАСТАНАЎЛЕННЕ
Аб уладкаванні і ўтрыманні ў г. Воршы тэатраў-кінематографаў.
Кінематаграфічныя тэатры могуць быць усталяваныя як у мураваных, так і ў драўляных будынках. У мураваных будынках не вышэй другога паверху, а у драўляных — толькі на першым.
Заўвага: Першым паверхам называецца тое памяшканне, падлога ў якім знаходзіцца ці непасрэдна на зямлі, ці мае падполле, ці сутарэнне не прызначанае ні для жылля, ні для гандлёва-прамысловых мэтаў.
Забараняецца ўстройваць кінематаграфічныя тэатры на падпольных паверхах, гэта значыць, калі падлога ніжэйшая за ўзровень суседняй вуліцы ці двара.
Калі кінатэатр размяшчаецца ў асобным будынку, ён павінен быць аточаны свабоднай прасторай не менш за 5 сажняў з усіх бакоў, а калі тэатр у балагане — не менш за 10 сажняў.
Кінатэатры, размешчаныя ў мураваных дамах павінны быць аддзеленыя ад суседніх памяшканняў капітальнымі сценамі і адпавядаць мясцовым патрабаванням да тэатраў, цыркаў і залаў для грамадскіх сходаў.
Лесвіцы ў кінатэатрах павінны быць 1. з вогнеўстойлівага матэрыялу; 2. размяшчацца ў вогнеўстойлівых клетках з вогнеўстойлівымі скляпеннямі; 3. мець маршы падвойнага залажэння без забежных прыступак; 4. асвятляцца праз вокны, што выходзяць вонкі и 5. мець парэнчы па абодвух баках марша. Шырыня марша і абаротных пляцовак не павінна быць менш за 1 аршын і 12 вяршкоў. Усякая лесвіца, памерамі не менш за гэтыя, дастатковая для пропуска 150 чалавек гледачоў: пры большай шырыні лесвіцы яе прапускная здольнасць не можа быць павялічанай.
У кожным кінематаграфічным тэатры мусіць быць не менш за два выхады вонкі альбо дзве незгаральныя (§ 5), асобныя адна ад адной, лесвіцы.
Кінематаграфічныя тэатры не могуць абслугоўвацца лесвіцамі і выхадамі агульнымі з заламі грамадскіх сходаў, клубамі, выставамі, музеямі, школамі і г. д.
У памяшканні кінематографа ў праходах і на выхадах не дапускаюцца парогі і прамежкавыя прыступкі.
Усе дзверы кінематаграфічнага тэатра павінны адчыняцца у напрамку выхаду.
Не дазваляецца зашываць вокны шчытамі, закрываць іх кратамі альбо аканіцамі.
Дзверы, як і вокны, у кінематаграфічным тэатры забараняецца завешваць чым бы там ні было, за выключэннем штор у глядзельнай залі для яе зацямнення.
Рады крэслаў і наогул месцы ў глядзельнай залі павінны быць надзейна прымацаваны да падлогі, злучаны паміж сабой і падзелены праходамі да выхадаў, размешчанымі такім чынам, каб паміж двума праходамі ў кожным радзе было не больш за 12 месцаў, а паміж бакавой сцяной і бліжэйшым праходам — не больш за 6 месцаў. Сярэднія праходы павінны быць шырынёй не менш за 2 аршыны, а праходы ля бакавых сцен, калі такія ёсць, — не менш за 1¼ аршына.
Свабодны праход паміж радамі, калі лічыць ад пярэдняга краю сядзення аднаго рада да задняга краю сядзення папярэдняга рада, павінен быць не менш за 11 вяршкоў. А глыбіня сядзення — не менш за 9 вяршкоў. У каменных будынках вестыбюлі павінны быць перакрыты скляпеннямі і мець незгаральныя падлогі. Усталяванне ўнутраных тамбураў забараняецца.
Пры адсутнасці цэнтральнага ацяплення паленне звычайных печаў павінна спыняцца за 4 гадзіны да пачатку сеанса. Звычайныя печы павінны быць ля дымавых каналаў ці карэнных труб без перакідных рукавоў і наогул утрымлівацца ў поўным парадку.
Памяшканні кінематаграфічных тэатраў, вызначаныя для гледачоў, павінны мець прыстасаванні для праветрывання.
У такіх мясцовасцях, дзе няма вадаправода, у памяшканнях кінематографа павінны мецца вогнегасільныя прыстасаванні для тушэння пажараў, каторыя мусяць захоўвацца ў поўным парадку, у вызначаным даступным месцы і не ўжывацца для другіх патрэб.
У мясцовасцях, дзе ёсць тэлефон або пажарная сігналізацыя, прынамсі адно з гэтых прыстасаванняў павінна быць усталявана ў памяшканні кінематаграфічнага тэатра.
Разлік ёмістасці кінематаграфічных тэатраў вызначаецца наступным чынам: a) ёмістасць памяшкання для чакаючай публікі вызначаецца, дапускаючы 8 чалавек на 1 кв. сажань; б) ёмістасць глядзельнай залы вызначаецца размяшчэннем месцаў і праходаў; в) пры вызначэнні прапускной здольнасці лесвіц улічваюцца толькі тыя, якімі публіка ў памяшканнях кінематаграфічных тэатраў сапраўды карыстаецца; тыя ж лесвіцы, што маюць характар запасных, у разлік не прымаюцца; г) Усе дзверы, якія вядуць да выхадаў, як і дзверы ля вонкавага выхаду, павінны быць шырынёй не менш за 1 аршын 12 вяршкоў. Такія дзверы дастатковыя для пропуску 150 чалавек. Колькасць і памер выхадаў і лесвіц павінны адпавядаць колькасці асоб, якія дапускаюцца ў памяшканні кінематаграфічных тэатраў, лічачы як гледачоў, так і публіку, якая чакае.
Для чакання гледачоў павінны быць уладкаваныя асобныя памяшканні, пры гэтым у памяшканнях ці праходах, што вядуць ад глядзельных залаў да выхадаў, зусім не дапускаецца скаплення публікі падчас паказаў, як і загрувашчванне праходаў, калідораў і выхадаў мэбляй, лаўкамі, буфетнымі стойкамі вешалкамі і інш.
Захоўванне верхняга адзення не дапускаецца ў праходах і калідорах, што вядуць да выхадаў. Для гэтага павінны быць выдзелены спецыяльна прыстасаваныя і зручныя месцы.
Асвятленне памяшкання кінематаграфічнага тэатра дапускаецца толькі электрычнае або свечкамі ў ліхтарах. Пры гэтым прыборы асвятлення не павінны знаходзіцца ніжэй за 3 аршыны над узроўнем падлогі.
Заўвага. Электрычнае асвятленне павінна быць уладкавана паводле дзеючых Правілаў Міністэрства ўнутраных спраў.На ўсіх выхадах з залаў і памяшканняў павінны быць на відным месцы шыльды з надпісам вялікімі літарамі «ВЫХАД» і ліхтары для асвятлення выхадаў на ўсёй іх працягласці.
Колькасць дазволеных месцаў у глядзельнай зале і колькасць чакаючай публікі ў спецыяльных памяшканнях павінна быць пазначана выразна бачнымі надпісамі, як у глядзельных залах, так і ў памяшканнях для чакаючых.
У мураваных будынках апаратная камера павінна размяшчацца за незгаральнай сцяной глядзельнай залы і ні ў якім разе не ў самой глядзельнай зале. У драўляных будынках апаратная камера павінна знаходзіцца вонкі на адлегласці ад будынка не менш за ½ аршына, і ўладкавана згодна §28 гэтых правілаў. Гэты прамежак можа быць перакрыты вогнеўстойлівым матэрыялам для засцярогі ад дажджу і снегу.
У той сцяне, за якой знаходзіцца апаратная камера, забараняецца ставіць дзверы і іншыя адтуліны, акрамя светлавых.
Апаратная камера павінна мець унутры сцены, падлогі, столі і дзверы з вогнеўстойлівага матэрыяла.
Заўвага. Дрэва, абабітае знутры жалезам, дапускаецца только з азбеставай альбо лямцавай пракладкай.Шырыня, даўжыня, таксама як і вышыня апаратнага пакою павінны быць не менш за 3 аршыны. Пры гэтым праходы паміж апаратам і сценамі камеры з трох бакоў павінны быць не менш за 1 аршын.
Апаратная камера павінна мець самастойныя каналы для прытока і выцяжкі паветра, сячэннем па ўсёй даўжыні для выцяжкі не менш за 18 кв. вяршкоў, а для прытока не менш за 8 кв. вяршкоў, якія выходзяць вонкі.
Дзверы апаратнай каамеры памерам не менш за 2½ аршыны на 1 аршын павінны адчыняцца вонкі, мець спружыну і ўсталёўвацца ў сцяне камеры насупраць ручкі апарата. Дзверы не павінны мець ніякіх замкоў альбо засовак, акрамя знадворнага вісячага замка для запірання па-за часам паказаў. Зручная лесвіца, што вядзе ў камеру павінна ўсталёўвацца звонку камеры.
Светлавых адтулін для праекцыйнага ліхтара і назірання дазваляецца мець не больш 3-х, плошчай не больш за 4 кв. вяршкі кожная. Усе адтуліны павінны быць зашклёныя і мець агульную металічную засланку, што аўтаматычна зачыняецца.
У апаратнай камеры не дапускаецца мець, акрамя крыніцы святла для праекцыйнага ліхтара, аніякага іншага адкрытага агню, не выключаючы распальвання печаў. У апаратнай камеры павінна знаходзіццане менш за адно вядро з вадой.
Курэнне, запальванне свечак у ліхтарах, уваход староннім асобам і захоўванне старонніх прадметаў у апаратнай камеры забараняецца.
У апаратнай камеры дапускаецца мець стужку адначасова не больш за 1500 метраў у металічных скрынях, абабітых азбестам або лямцам.
Выкарыстанне апаратаў, не маючых прыёмных катушак для стужкі, забараняецца.
Кожны праекцыйны ліхтар павінен быць забяспечаны засланкай перад кандэнсатарам (шкло для павелічэння асвечанасці).
Усе апараты павінны быць забяспечаны засцерагальнымі ад згарання стужкі прыстасаваннямі па выбару прадпрымальніка. Стужка не павінна змяшчацца ў шчыльна зачыненых кажухах.
У памяшканнях, якія не задавальняюць патрабаванням кінематаграфічных устаноў, часовая дэманстрацыя кінематографа дапускаецца толькі з выкарыстаннем незгаральных стужак і пры выкананні §§ 39, 41, 43–48 гэтых правілаў.
Для дэманстравання кінематографа ў памяшканнях, што знаходзяцца на тых вуліцах гарадскіх ці іншых паселішчаў дзе ёсць электрычная энергія для грамадскага карыстання, забараняецца ўжываць якія-небудзь іншыя крыніцы святла, акрамя электрычных. Там, дзе няма электрычнай энергіі, дапускаецца карыстанне іншымі крыніцамі святла, за выключэннем ацэтылену.
Прылады і матэрыялы, якія служаць для сілкавання крыніц святла, павінны быць размешчаны звонку камеры і звонку памяшкання кінематографа. Усе гэтыя памяшканні павінны быць зробленыя з незгаральнага матэрыялу (дапускаюцца зямлянкі з зазорам не меньш 2 сажняў з усіх бакоў). Прылады і матэрыялы для здабывання святла павінны быць у незгаральных умяшчальнях.
Выкарыстанне токаў вышэй за 250 вольт напружання ў памяшканнях кінематографа забараняецца.
Лямпы напальвання ў калідорах, вестыбюлях і на лесвіцах павінны быць падключаны да двух асобных ланцугоў ад асобнай размеркавальнай дошкі па-за памяшканнем апаратнай камеры, каб няспраўнасць адной групы лямп не ўплывала на другую. Выключальнікі і засцерагальнікі павінны быць усталяваныя ў адным месцы і не быць даступнымі публіцы, г. зн. знаходзіцца ў зачыненых незгаральных скрынях.
Усе засцерагальнікі з адкрытым дротам, што можа расплавіцца, павінны быць усталяваны па-за апаратнай камерай і глядзельнай залай.
Усе правады ў даступных для публікі месцах павінны быць абаронены ад механічных пашкоджанняў моцнымі зачыненнямі.
У той частцы ланцуга, якая знаходзіцца усярэдзіне камеры, усе правады павінны мець ізаляцыю з вулканізаванай гумы (гупер). Шнуравая праводка забараняецца.
Калі для праектавання карцін выкарыстоўваецца пастаянны ток праз умформеры (пераўтваральнікі тока) або якія-небудзь іншыя прылады, то такія павінны быць усталяваны ў асобным памяшканні, недаступным для публікі, з выкананнем установак і правілаў, што іх датычацца.
Рэастаты (прылады супраціўлення) павінны мець сеткаватыя металічныя чахлы. Заўвага. Выкарыстанне вадкіх рэастатаў забараняецца.
Адкрытыя выключальнікі павінны быць імгненнага дзеяння (не даваць утварацца іскры).
Вінаватыя ў невыкананні гэтага пастанаўлення падпадаюць пад законную адказнасць.
Гэтае абавязковае пастанаўленне набывае законную моц праз два тыдні пасля яго апублікавання.
Магілёўскі губернатар А. Пільц, 16 сакавіка 1913 г., г. Магілёў губ.
У Воршы была вялікая яўрэйская суполка, пра што «Сіне-Фона» адзначаў у кастрычніку:
Часопіс «Сіне-Фона»
Тут варта на хвіліну спыніцца і адзначыць, што ідышамоўныя яўрэі складалі надзвычай высокі працэнт насельніцтва ў беларускіх гарадах. Найбліжэйшы перапіс, які нам удалося знайсці, датаваны 1897 годам: Мінск — 51,2 %, Віцебск — 50,8 %, Гомель — 55,4 %, Бабруйск — 60,2 %, Пінск — 73,9 %.12 У Воршы яўрэі складалі 56 % насельніцтва. 13
Усяго за 17 вёрстаў ад Воршы, у мястэчку Дуброўна, у верасні 1913 года пачаў працаваць кінатэатр «Люкс», якім кіраваў А. Н. Шапіра. Яшчэ два кінатэатры былі адкрыты непадалёк ад Воршы: адзін — без назвы — пры станцыі Шклоў у мястэчку Ласкін (Ляўкі, Ларынаўка, Лісуны, Лужкі, Лагі, Лісоўскія, Ліпкі, Лагі, Лясны), другі — «Як» — пры цвіковай фабрыцы ў Барані, за сем вёрстаў ад Воршы.14
1 «Сіне-Фона», Нумар 15, 1 мая, 1911, с. 18.
2 «Сіне-Фона», Нумар 23, 1 верасня, 1911, с. 21.
3 «Сіне-Фона», Нумар 4, 15 лістапада, 1911, с. 22.
4 «Кінэ-Часопіс», Нумар 7, 23 красавіка, 1910, с. 10.
5 «Сіне-Фона», Нумар 8, 15 студзеня, 1912 с. 18.
6 «Кінэ-Часопіс», Нумар 17, 8 верасня, 1913, с. 50.
7 «Сіне-Фона», Нумар 27, 28 верасня, 1913, с. 41.
8 «Сіне-Фона», Нумар 8, 5 студзеня, 1913, с. 24.
9 «Сіне-Фона», Нумар 7, 12 снежня, 1912, с. 37.
10 Абавязковае пастанаўленне (Mandatory Regulation), «Магілёўскія Губернскія ведамасці» (Mogilev Province News), 23 сакавіка 1913, с. 1,69.
11 «Сіне-Фона», Нумар 1, 12 кастрычніка, 1913, с. 40.
12 Guthier, Steven L./Сцівэн Л. Гуцье “The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897-1970, Part I, 1897-1939”/«Беларусы: нацыянальная ідэнтыфікацыя і асіміляцыя, 1897–1970. Частка I: 1897–1939» // Soviet Studies/ Савецкія даследаванні, т. XXIX, № 1/студзень 1977 с. 37–61; цытуецца паводле: Marples, David/Марплз, Дэвід. Belarus, a Denationalized Nation/«Беларусь — дэнацыяналізаваная нацыя». Harwood/Харвуд, 1999, с. 2.
13 Ворша, Віртуальная яўрэйская бібліятэка, https://www.jewishvirtuallibrary.org/orsha Прагледжана 7 красавіка, 2025, цытуецца Encyclopedia Judaica (Энцыклапедыя Юдаіка), 2007, цытуецца «Справа пра пагром у Воршы» (1908); Die Judenpogrome in Russland (Яўрэйскія пагромы ў Расіі), 2 (1909), 467–87.
14 «Сіне-Фона», Нумар 1, 12 кастрычніка, 1913, c. 31. Назва «Як» звычайна была толькі паловай поўнай назвы. Раннія кінатэатры часта называліся, напрыклад, «Як Парыж» альбо «Як Ніца» — маючы на ўвазе, што паход у такі тэатр нібыта раўназначны вандроўцы ў французскія Парыж ці Ніцу.